ТА́БЕЛЬ АБ РА́НГАХ,

заканадаўчы акт Рас. імперыі, які ў 18 — пач. 20 ст. вызначаў падзел на класы ваен., стацкіх і прыдворных чыноў. Уведзены Пятром I у 1722. Складаўся з уласна Табеля з пералікам 14 рангаў (класаў) ад 1-га вышэйшага да 14-га ніжэйшага і з 19 пунктаў каментарыяў да яго. Вайск. чыны падзяляліся на сухап., гвардыю, артыл., марскія. Сярод іх адрозніваліся генеральскія чыны (1—5-ы кл.), штаб-афіцэрскія (6—8-ы кл.), обер-афіцэрскія (9—14-ы кл.). Пры роўным чыне старшынства вызначалася часам атрымання чыну. Вайск. чыны мелі старшынства перад цывільнымі адпаведнага рангу. Чыны гвардыі мелі перавагу на 1—2 рангі. Паводле 1-й рэд. Табеля, атрыманне чыноў 7—14-га рангаў давала пэўныя правы цывільным чыноўнікам на час выканання службовых абавязкаў (пазней асабістае дваранства), спадчыннае дваранства атрымлівалі вайскоўцы ад 14-га і цывільныя асобы ад 8-га кл. З 1845 асабістае дваранства атрымлівалі чыны ад 9-га кл., спадчыннае дваранства — вайск. чыны ад 6-га і цывільныя ад 5-га (з 1856—4-га) кл. Недваране для атрымання афіцэрскага чыну служылі 12 гадоў у унтэр-афіцэрскіх чынах. Асобы, што былі ў чынах, якія не давалі асабістага дваранства, з 1832 маглі набываць правы ганаровых грамадзян. У пазнейшых рэдакцыях у Табель унесены горныя чыны і вучоныя ступені. Сістэма старшынства Табеля ахоплівала і чл. сямей чыноўнікаў; дочкі атрымлівалі ранг ніжэйшы на 4 рангі ад бацькавага, пасля выхаду замуж — ранг мужа. Чыны 1—2-га кл. тытулаваліся «высокаправасхадзіцельства», 3—4-га кл. — «правасхадзіцельства», 5-га — «высакароддзе», 6—8-га — «высокаблагароддзе», 9—14-га — «благароддзе». Правы на пэўныя ступені ордэнаў мелі чыны адпаведных класаў, а ўзнагарода ордэнам «вышэйшага» класа аўтаматычна азначала пераход у гэты клас. У 1801—41 друкаваліся спісы ўсіх цывільных чыноў, у 1842—1916 — цывільных чыноў першых 4 кл.; выдаваліся спісы генералаў, штаб і обер-афіцэраў паводле старшынства. У 18—19 ст. Табель неаднаразова мадэрнізаваўся. Тытулаванне ў арміі адменена загадам ваен. міністра Часовага ўрада 5(18).3.1917, ваен.-прыдворныя чыны скасаваны загадам 21.3(3.4).1917. Палажэнні Т.а.р. адменены дэкрэтам ВЦВК і СНК 10(23).11.1917 «Аб скасаванні саслоўяў і грамадзянскіх чыноў», інш. дакументамі сав. улады ў снеж. 1917—студз. 1918.

Літ.:

Шепелев Л.Е. Отмененные историей чины, звания и титулы в Российской империи. Л., 1977.

І.​Л.​Сінчук.

Некаторыя чыны паводле Табеля аб рангах (па стане на 1917)
Клас Армейскія сухапутныя чыны Стацкія чыны
1 Генерал-фельдмаршал Канцлер
2 Генерал Правадзейны тайны саветнік
3 Генерал-лейтэнант Тайны саветнік
4 Генерал-маёр Правадзейны стацкі саветнік
5 — Стацкі саветнік
6 Палкоўнік Калежскі саветнік
7 Падпалкоўнік Надворны саветнік
8 Капітан Калежскі асэсар
9 Штабс-капітан Тытулярны саветнік
10 Паручнік Калежскі сакратар
11 — Карабельны сакратар
12 Падпаручнік Губернскі сакратар
13 Прапаршчык Правінцыяльны сакратар
14 — Калежскі рэгістратар

т. 15, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)